АРМЕ́НІЯ ВЯЛІ́КАЯ,

старажытная дзяржава армян, якая займала большую частку Армянскага нагор’я. Пачала складвацца ў 6 ст. да н.э., пазней — сатрапія Ахеменідаў. У канцы 4—3 ст. да н.э. самастойнае царства. У 3—2 ст. да н.э. заваявана Арташэсам І і абвешчана незалежнай дзяржавай. Пры Тыгране II [95—56 да н.э.] самая вял. дзяржава эліністычнага Усходу. У вайне з Рымам страціла амаль усе заваяванні, у 114 абвешчана рымскай правінцыяй. Пазней царская ўлада ў Арменіі Вялікай адноўлена. На пач. 4 ст. н.э. пры Аршакідах уведзена хрысціянства як афіц. рэлігія. Феад. раздробленасць, барацьба паміж Іранам і Рымам за панаванне на Усходзе аслабілі Арменію Вялікую. У 387 падзелена паміж іранскімі Сасанідамі і Візантыяй.

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)